Новая песьня «Восень» дэбютуе на ТГ
Новая песьня «Восень» дэбютуе ў гіт-парадзе «Тузін Гітоў». Камэнтары Лявона Казакова:
Атрымалася досыць нетыпова, але сагрэўшыся пад веснавымі сонечнымі промнямі, гурт «Рокаш» рады прэзэнтаваць у чарговым туры «Тузіну Гітоў» сваю новую кампазыцыю пад назваю «Восень».
Яна павінна ўвайсьці ў наш першы альбом, над запісам якога мы цяпер працуем. Досыць цяжка будзе дакладна вызначыць стыль гэтай песьні. Хутчэй яго можна ахарактарызаваць словамі нэафольк-рок.
Зрэшты, стыль гэта ня так ужо і важны. Галоўнае, што песьня атрымалася восеньская, прасякнутая мэлянхалічна-рамантычным настроем гэтага цудоўнага часу году. Пошук шляху да сьвятла сярод віхуры восеньскага лісьця, завяршэньне цыклю, але ў той жа час вера ў тое, што цемра адыйдзе і ўрэшце рэшт калісьці наступіць вясна – асабіста для нас менавіта гэтыя думкі перапляліся ў гэтай песьні. Аднак, спадзяемся, што кожны знойдзе ў ёй нешта сваё.